ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1954 у г. Лепель Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 237 м², больш за 14,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). У 6 залах экспазіцыі адлюстравана гісторыя Лепельшчыны. Сярод экспанатаў прылады працы, упрыгожанні 8 ст. да н.э. — 12 ст. н.э. з раскопак стараж. паселішчаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., грамадз. вайну, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу і інш. Значнае месца займае экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне (абарончыя баі, Лепельскі контрудар 1941, дзейнасць падполля і партыз. руху, вызваленчыя баі, у т.л. асабістыя рэчы і баявая зброя Герояў Сав. Саюза Ф.Ф.Дуброўскага, У.Е.Лабанка). Дэманструюцца прылады працы і рэчы побыту 19—20 ст., ганчарныя вырабы, нац. адзенне лепельскага строю, нар. муз. інструменты. У раздзеле прыроды — чучалы жывёл і птушак Бярэзінскага запаведніка.
В.Я.Ланікіна.
т. 9, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)